Апошні званочак. Як мяне выгналі з беларускамоўнай школы

Боль • Николай Янкойть
Сёння дзень апошняга званка ў беларускіх школах. Усяго каля 5% з іх – з беларускай мовай навучання. У Мінску такіх шэсць. Адна з іх, гімназія №23, месціцца ў цэнтры горада, побач з плошчай Якуба Коласа. У апошні дзень заняткаў KYKY наведаў школу, каб распытаць вучняў, ці размаўляюць яны па-беларуску і ці цікавяцца беларускай культурай – і вось што з гэтага атрымалася.

Частка першая: знаёмства

Я зайшоў у памяшканне гімназіі каля паловы адзінаццатай. У калідорах – ні душы, толькі вартаўнік сустракае ўсіх цёплай вусатай усмешкай. Школа як школа: вось расклад заняткаў, вось сцяг і гімн краіны, вось дошка гонару з фотаздымкамі вундэркіндаў. Я падняўся на другі паверх, на трэці – цішыня. Ідзе ўрок. Нарэшце сустрэў кагосьці з настаўнікаў – мне параілі ці пачакаць, ці пайсці да дырэктара. Падышоў да прыёмнай – а там чарга-чаржышча. «Ну і ладна», – думаю сабе, – «Пачакаю перапынку». Сеў у холе дый стаў назіраць за падзеямі.

Пашчасціла крыху раней: дзяўчынка ў акулярах прыбягала на вахту за ключом ад кабінета, і я ўмомант яе спыніў. «А что вы хотите?» – тут жа актывізаваўся вартаўнік. – «В секцию какую-то детей пригласить, на кружок?». Не, кажу, я журналіст. Ён толькі плячыма паціснуў.

Дзяўчынка-сямікласніца расказала мне, што па жыцці па-беларуску не размаўляе: у яе многа знаёмых, якія мову не ведаюць і нават не разумеюць, таму з імі трэба размаўляць па-руску. Але часам яна забываецца рускія словы і ўстаўляе беларускія, ды і ўвогуле, хацела б размаўляць па-беларуску з усімі. А яшчэ дзяўчынка цікавіцца нашай гісторыяй, а асабліва яе захапляе Аршанская бітва. Па словах маёй суразмоўніцы, беларусы могуць загаварыць па-беларуску, і ўжо хутка – можа, год праз 15. Трэба толькі перавесці ўсю адукацыю на беларускую мову ды прасоўваць мову на вуліцах.

Не паспелі мы дагаварыць, як да нас падышлі дзве настаўніцы: «А што гэта вы тут робіце?» Так і так, адказваю, я з KYKY.ORG, привёз посылку для вашего… ой, прыйшоў з вашымі дзецьмі паразмаўляць пра Беларусь ды беларускае. Настаўніцы маім жаданнем не ўразіліся. Сталі тлумачыць (адна ў вельмі ветлівай форме, іншая – больш прамалінейна), што без дазволу дырэктара мне ў школе рабіць няма чаго. Ну што ж тут папішаш! Паўсміхаўся і пайшоў за імі.

Частка другая: выгнанне

Эх, даўно мяне не выклікалі ў кабінет школьнага дырэктара! Чарга да гэтага часу паспела кудысьці знікнуць, але адразу ў кабінет мяне не пусцілі: адна з настаўніц (тая, што менш ветлівая) зайшла першай, каб як след патлумачыць сітуацыю. Я толькі паспеў пранікнуцца атмасферай дый прачытаць на дзвярах кабінета імя – Ірына Леанідаўна – як дырэктар выйшла да мяне сама. Прыгожая невысокая жанчына, і адразу бачна – вельмі энергічная.

– Откуда вы?
– KYKY.org.

(цішыня секунд пяць)

– Гэта партал такі ў інтэрнэце.
– А что вы хотели?
– Ды са школьнікамі пагаварыць. Распытаць, як яны ставяцца да беларушчыны. У Мінску ж няшмат беларускамоўных школ.

Ірына Леанідаўна размаўляла са мной то па-руску, то па-беларуску, але не на трасянцы – на абедзвюх чысценька.

– Ведаеце, у нас тут шмат жадаючых з дзецьмі пагаварыць.
– Канешне, апошні званок жа!
– Але ў нас тут вучэбны працэс, сёння дзень выстаўлення адзнак, так што я не магу вам дазволіць працу.
– Дык я ж толькі ў перапынках папытаць!..
– Знаете, мне вот только что звонил редактор СТВ, тоже хотел сюжет сделать, но я ему пока отказала. И вообще, без согласования с комитетом нельзя.

Я спрачацца не стаў.

– Усё зразумеў! Добра, тады я ў школе ні з кім размаўляць не буду. Пайду на вуліцу! – я развітаўся і пайшоў займаць пазіцыю непадалёк ад школьных прыступак. Не ўвесь жа час дзеці будуць вучыцца – пойдуць і дадому, а я іх і запытаю якраз. І працэсу перашкаджаць не буду.

Пастаяў хвіліны тры і бачу: ля парога школы з'явіліся двое мужчын, адзін з іх – той самы вусаты вартаўнік. Сядзяць, кураць, паглядаюць, каб што не сталася. І я стаю – стаяць жа ніхто не забараняў. Чакаю. Праз хвілін дзесяць і першыя гераіні з'яўляюцца: тры сяброўкі выходзяць са школы і рушаць кудысьці па праспекце. Я адразу падыходжу:

– Дзень добры! Я журналіст, хацеў з вамі пагава…

І тут да нас хуткім крокам падыходзіць вартаўнік. Вусы натапыраныя даволі злосна.

– Что вы тут стали?
– А што здарылася?
– Я не с вами, я с ученицами разговариваю! – адказвае ён на павышаным тоне і дадае ў бок дзяўчат: – Шли в аптеку, так и идите туда!

У гэты момант ён літаральна выштурхоўвае сябровак з размовы са мной. Праз секунду школьніцы ўжо рушаць куды рушылі, а вартаўнік вяртаецца на баявую пазіцыю. А мне прыходзіцца адысціся падалей, каб нацкаваныя на мяне супрацоўнікі супакоіліся.
Я яшчэ гадзіны паўтары прастаяў за вуглом, ля галерэі сучаснага мастацтва, з надзеяй злавіць кагосьці з вучняў. Чаго я толькі не бачыў за гэты час! Бачыў нават, як машына дарожнай службы заехала на ходнік, пасажыр адкрыў дзверы, з цяжкасцю вылез з кабіны, адліў на тратуар і яшчэ секунд трыццаць пасля гэтага спрабаваў залезці назад у кабіну. У цэнтры горада! Сярод белага дня! Каля мастацкай галерэі! От ужо гэтыя жэўжыкі беларусы. Культурная нацыя!

А вось школьнікаў я так і не злавіў. Малодшых не хацелася падстаўляць перад дырэктарам, а старэйшых паспрабуй адрозні ад студэнтаў. Пастаяў-пастаяў і пайшоў дадому. Ні з чым.

Частка трэцяя: усё будзе добра

Але дзе няма прамой сувязі, там ёсць сацыяльныя сеткі. На дапамогу прыйшоў VK: я адшукаў там двух гімназістак і ўсё ж задаў ім свае пытанні. Імёны мы дамовіліся не друкаваць: чорт яго ведае, як на гэту публікацыю можа адрэагаваць Ірына Леанідаўна.

* * *
Па жыцці я размаўляю па-беларуску, кожны дзень – і з сябрамі, і дома, і ў краме, у любых выпадках. Многія мае аднакласнікі з беларускамоўных сем'яў, я сама таксама. Але ёсць і частка, у каго бацькі расейскамоўныя; яны карыстаюцца мовай па жыцці менш.

Праблем са скарыстаннем беларускай мовы ў мяне звычайна аніякіх няма. Бывае, канешне, што кажуць: «Говорите на нормальном языке!» – ці што-небудзь такое, але ўвогуле мову сталі ўспрымаць пазітыўней. Вельмі часта, асабліва апошнім часам, людзі са мною ветлівыя, спрабуюць адказаць па-беларуску, усміхаюцца. Пачаць размаўляць па-беларуску цяжка, сапраўды. Але трэба проста падумаць і зразумець, што робіш гэта не толькі для сябе, але і для ўсіх, хто навокал. Трэба быць моцным – і тады ўсё атрымаецца.

Гурт BosaeSonca

Я захапляюся беларускай музыкай. Зараз з'яўляецца шмат беларускамоўных гуртоў, я іх слухаю і хаджу на канцэрты. У асноўным я слухаю рок: Znarock, Amaroka, N.R.M. і Вольскі – з дзяцінства, Akute – вельмі добры гурт. Шмат гуртоў у нас амаль што нікому невядомыя: BosaeSonca, напрыклад. Складана сходу пералічыць усе гурты, іх вельмі шмат.

Мне заўсёды хацелася быць такой, як мае бацькі. Хацелася б зрабіць нешта важнае для Беларусі. Мне здаецца, зараз модна паказваць сябе беларусам – можа, на фоне ўкраінскіх падзей, ды і раскруцілі беларускую мову, нацыянальныя сімвалы. Калі так будзе і надалей, калі для людзей стане звычкай, што трэба ўсведамляць сябе беларусам, а не кімсьці іншым, то ўсе змогуць загаварыць па-беларуску. Трэба, каб хаця б у дзяржаўных установах было больш мовы. Вельмі часта бывае так, што яе там няма наогул. Бывае, трэба зрабіць якія-небудзь дакументы – напрыклад, у натарыўса – а ў іх проста няма версій гэтых дакументаў па-беларуску. Часта гэта з-за таго, што ніхто іх там не просіць. Трэба, каб беларусы не цураліся прасіць, не баяліся запатрабаваць. Часта прыходзіш і думаеш: «Не, лепш не буду прасіць, прамаўчу, так жа будзе прасцей».

Я збіраюся паступаць на біялагічны факультэт, пайсці ў навуку. Хачу зрабіць для Беларусі нешта такое, каб мы вылучыліся сярод іншых, паказалі сябе з навуковага боку. Беларусы ж насамрэч вельмі працавітыя і разумныя людзі, проста для іх не ствараюцца такія ўмовы, каб можна было б нешта зрабіць. Але абавязкова трэба, каб у краіне нешта змянілася. Нам трэба нешта вялікае і моцнае, іначай Беларусь і надалей будзе вельмі павольна паўзці за астатнімі краінамі.

* * *
Што для мяне Беларусь? Цяжкае пытанне! Напэўна, для мяне Беларусь праяўляецца ў дробязях. Напрыклад, калі заўважаеш на заплечніку незнаёмага чалавека стужку з арнаментам, ці маленькага хлопчыка з «Пагоняй» на руцэ, ці калі ў краме табе знянацку адказваюць па беларуску. Мо, гучыць занадта патрыятычна, але мяне чамусьці кранаюць такія рэчы.

Я спрабую размаўляць па-беларуску па жыцці. З сям'ёй – амаль заўсёды, з многімі аднакласнікамі, сябрамі. А ўвогуле – з некаторымі па-расейску, а з некаторымі па-беларуску. Хачу зусім перайсці на мову, вельмі. Перашкаджае, што я часам баюся сказаць што-небудзь на трасянцы, доўга словы падбіраю. А на тое, што некаторыя людзі пачынаюць злавацца, калі з імі па-беларуску размаўляеш, увагі не звяртаю! Некаторыя не злуюцца, а проста бурна рэагуюць. Але апошнім часам, наадварот, з добрым здзіўленнем глядзяць. Аднойчы нават да мяне падышла жанчына і сказала: «Дзякуй вам вялікі, што размаўляеце на роднай мове».

Маёй першай мовай была беларуская: калі я была маленькай, сям'я размаўляла па-беларуску. Пасля нейкі перыяд мы размаўлялі па-расейску, а гады два таму зноў вярнуліся да мовы. У школе аб'ядналі класы, і атрымалася, што мае сябры-аднакласнікі па жыцці размаўляюць па-беларуску. Мне, шчыра кажучы, было сорамна адказваць ім на рускай мове! Так што я перайшла на беларускую, а бацькі мяне падтрымалі.

Фото из журнала ICON

Дарэчы, сярод дарослых людзей я таксама заўважаю больш беларускамоўных. Думаю, калі пачаць з малога – напрыклад, рабіць рэкламу на мове, больш газет, у сферы паслуг пашырыць яе выкарыстанне – то ў людзей будзе больш добрае стаўленне. Я ўсё часцей чую мову на вуліцы, у транспарце, ну і, канешне, на розных канцэртах. Мне здаецца, што вельмі моцна ўплывае на людзей, калі беларускамоўную рэкламу робяць буйныя кампаніі, як Apple цi Samsung.

У гімназіі шмат беларускамоўных вучняў. Але каб іх пабачыць, трэба там трошкі «пажыць». Бывае, малых дзетак можна сустрэць з нацыянальнымі сімваламі на вопратцы, на упрыгожаннях. У многіх дзяцей бацькі размаўляюць па-беларуску. Каб беларускамоўных стала больш, трэба абавязкова адчыняць новыя беларускамоўныя школы. Да дзяцей нашу культуру, разуменне адметнасці беларусаў як асобнага народа данесці прасцей, чым да дарослых.

Я лічу, што мода на беларускае – гэта добра, бо калі гэта модна – значыць, беларуская культура будзе пашырацца. Зараз гэта можна ўбачыць па колькасці моладзі у тых жа 'вышымайках'. Мне здаецца, галоўнае – заўжды памятаць і разумець, хто мы ёсць. Не забывацца на сваю гісторыю, паважаць сваю культуру. У любы час нам патрэбныя героі, якія будуць натхняць на подзвігі, але гэта могуць быць простыя людзі, якія побач з намі.

У нас сёння апошні званок, і мы робім яго ў нацыянальным стылі. Шмат людзей у вышыванках з арнаментам. Мы вырашылі, што нельга не пакінуць пасля сябе след. Настаўнікі ведаюць і падтрымліваюць. Думаю, і дырэктар не супраць.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Пост дня. Мне пришла повестка в суд…

Боль • Марина Кондратьева

«Бояться кого-то не по моей части, но уверена, эта Наталья потрепала нервы не одному десятку человек, а таких в госаппарате тысячи». Главный редактор портала oede.by предлагает организовать для госслужащих семинары по этикету и взаимодействию с людьми.